«Я забіла свайго мужа»

Боль • Евгения Долгая

Ніводная з дзяячак гэтага матэрыяла не планавала гэтага кроку. Усе яны кажуць, што бараніліся і намагаліся выратаваць уласнае жыццё. Усе тры аповяды — пра жанчын, якія адбылі турэмны тэрмін за забойства мужа. Сваіх імёнаў жанчыны не хаваюць. Упершыню гэты тэкст публікаваўся яшчэ ў 2018 годзе на рускай мове, і цяпер мы з задавальненнем прэзентуем яго на беларускай.

Калі вы хочаце бачыць больш матэрыялаў розных аспектаў жыцця беларусаў, падпішыцеся на наш Patreon за мерч і іншыя бенефіты. А калі вам падабаюцца вострыя жыццёвыя тэмы — зрабіце хуткі данат на нашым сайце (акно для данатаў — наўпрост пад гэтым тэкстам).

Ніводная з жанчын не захацела фатаграфавацца, — кажуць, што турма змяніла іх не толькі ўнутры, але і пакінула адбітак на іх выглядзе. Прызнаюцца, што прыйшлі туды з густымі валасамі і прыгожымі ўсмешкамі, але па сканчэнні тэрміну вызваліліся сівымі, фактычна бяззубымі. Яны не лічаць сябе забойцамі, кажуць, што баранілі сябе ды дзяцей. Падчас размовы яны вельмі хвалююцца, Зоя — плача ды безупынна заклікае жанчын не трываць гвалту, кансультавацца з псіхолагам ды не баяцца пайсці ў міліцыю. Калі мы распавядаем ім пра закон аб хатнім гвалце, яны паўтараюць, што ён абавязкова патрэбны — па іх словах, пакуль мужы білі, суседзі ды знаёмыя іх шкадавалі. Але пасля забойства ўсе разам змянілі літасць на гнеў: «Чаго цябе шкадаваць, ты ж забойца». Пратаганісткам гэтых гісторый дагэтуль сорамна за сябе, за тое, што адбылося ў іх жыцці. Адзінае, што іх радуе — гэта дзеці, якія не адвярнуліся ад маці.

Натальля Рудэнка, 48 гадоў. Адсядзела за забойства мужа 10 гадоў: «Я шкадую аб страчаным часе, але аб забойстве не шкадую»

«Маю парэзаны твар. З-за гэтага намагаюся хавацца, хадзіць апусціўшы галаву. Не хачу, каб мяне бачылі. Дачкі суцяшаюць: «Матуля, ты прыгажуня», — але ж я бачу, што гэта не так. Вызвалілася пяць гадоў таму, рэхі турмы так і засталіся ўва мне — усяго пужаюся. Машын баюся, імкнуся не пераходзіць шлях адна. Але сусвет за гэтыя гады змяніўся, людзі пасміхаюцца, быццам паласкавелі (пасміхаецца). Калі прыехала пасля турмы дамоў, цэлы вечар з дачкамі глядзелі фотаальбомы, мелі пра што пагутарыць. Яны мяне адразу пастрыглі, пафарбавалі валасы, апранулі ў новы хатні касцюм. Яны ў мяне малайцы.

З юнацтва я працавала на заводзе, у цэху, з Сяргеем мы там і пазнаёміліся. Ён заляцаўся да мяне. Распавяла яму пра свае планы паступаць ва ўніверсітэт на завочнае, але ён адгаварыў. Маўляў, чаго табе ісці ў інстытут, лепш замуж за мяне выходзь — будзеш жыць як прынцэса. Гэтак замуж і выйшла, нарадзіла Насту, а праз год Іру. Жылі ў мяне. Бацькі перабраліся на лецішча. Часам мы сварыліся, штурхаліся, маглі надаваць адзін адному аплявух, нічога сур'ёзнага з пачатку не было. Але з часам пачало станавіцца горш.

Памятаю, аднойчы Сярожа прыйшоў выпіўшы, святкаваў нараджэнне дзіця ў калегі. Я казала, каб ішоў спаць. Ён не паслухаў мяне, сабраўся да крамы за півам. Я ўстала ў праходзе — не дала прайсці. Бачыла, што яму больш не трэба было. А ён схапіў маю галаву — ды як ударыў аб шкло міжпакаёвых дзвярэй... Шкло разбілася, пайшла кроў. Дзяўчынкі маленькія кінуліся на яго з кулакамі ды крыкам, плачуць, малоцяць па спіне. А ён і іх схапіў ды стукнуў ілбамі — яны адскочылі ў бокі як свінцовыя кулькі. Сам сыйшоў за півам ды і не вярнуўся ночыць дадому.

Фота: Караліна Дутка

Сышоў да сваёй маці, бо адчуваў віну. Тыдзень жыў там, свякроў тэлефанавала мне: «Наташа, ну прабач яго! Ведаеш, як ён цябе кахае? Ён жа месца сабе не знаходзіць. У вас жа дзяўчынкі...» Бачу, што дзяўчынкі ўжо таксама самотныя. Селі з імі, пагутарылі ды паехалі да свякрові. Прыязджаем, а ён такі рады — пачаў плакаць, абдымаць нас з дзяўчынкамі. Піць пачаў радзей, затое заўсёды выказваў, як ён мною незадаволены. Размаўляла з ім — дарма, ён усё перакручваў і рабіў вінаватай мяне. Тактыка «нападу» — гучны званочак. 

Калі я адбывала тэрмін, наша калонія мела 60 адсоткаў жанчын, якія забілі сваіх мужоў-тыранаў. 

Яны распавядалі, што гвалт пачынаўся з тактыкі «нападу», з псіхалагічнага ціску: накручвання, маўляў, я нічога не вартая, я бязрукая, не гаспадарлівая, кожны раз абразы ды здзекі. І я верыла гэтаму, імкнулася лішні раз прамаўчаць ды дагадзіць.

Ён выклікаў зайздрасць — казаў, што сыйдзе да жанчыны маладзейшай ды лепшай. Маніпуляваў як мог. Гады ішлі, а я шукала яму апраўданні. У галаве засела думка: «Я нікому, апроч мужа, не буду патрэбная. Ён — стымул жыць, без яго я не здолею». Адным вечарам у пятніцу ён прыйшоў дадому позна. Дачкі гулялі з сяброўкамі. На пытанні, чаму прыйшоў гэтак позна, распавядаў, што пазнаёміўся з жанчынай, а яны з ёй пілі шампанскае. Я расплакалася і кажу: «Сяргей, нам трэба разыйсціся. Дзяўчынкі ўжо дарослыя. Збірай рэчы ды сыходзь». Ён схапіў мяне за валасы, абражаў, мацюкаўся, крычаў: «Вось я ведаў, што ты здрадзіш мне. Разводу ня будзе!» (Гэта прыстойная версія арыгінальнай мовы — заўв. KYKY). Ён таскаў мяне па дому за валасы, штурхаў нагамі. Я крычала, маліла супыніцца, але рабілася толькі горш. На стале ляжаў канцэлярскі ножык. Ён схапіў нож ды рэзнуў мяне па ілбу і шчацэ, я закрычала. Кроў заліла мне вочы. Сяргей разгубіўся, а я, поўная жаху, уціраючы вочы, схапіла іншы нож, якім разбірала мяса для вячэры. Далей самі разумееце.

Экспертыза выявіла сем нажавых ран. У непрытомнасці каля ягонага цела мяне знайшла старэйшая дачка Наста. Яна сказала: «Мама, табе трэба ў шпіталь. Што зробім з татай?» Я сказала ёй выклікаць міліцыю. Выйшла ва двор і чакала. 

Фота: Караліна Дутка

Калі адбывала тэрмін, малілася, каб дачкі не адвярнуліся ад мяне, каб не сароміліся, што маці — зэчка. Але яны пісалі мне лісты, прыязджалі на спатканні, дасылалі здымкі. У атрадзе было шмат жанчын, якіх збівалі мужы, нават калі яны былі цяжарныя. Кожная з іх псіхічна надламаная. 

Я мару мірна дажыць і убачыць унукаў. Удзячная богу за сваіх дзетак. У калоніі хапала жанчых, якія сядзелі паўторна. Ад сям’і наўпрост залежыць будучыня пасля вызвалення — яны не мелі падтрымкі сям’і, таму ім было прасцей вярнуцца ў гэтае асяроддзе. Дачкі сказалі: «Мама, мы ведаем, што ты сябе ратавала».

Я шкадую аб страчаным часе, але аб забойстве не шкадую. Бо калі ён гэтак халоднакроўна парэзаў мне твар, то ён гэтак сама перарэзаў бы і шыю. Бацькі цвёрда пераняслі цяжкасці і выхавалі дзяўчынак. Маці памерла незадоўга да вызвалення, а тата год таму. Ніколі не прабачу сабе, што так мала часу пабыла з імі».

Раіса Пойта, 54 гады, адсядзела сем гадоў за «забойства» мужа. «Дачка пісала мне ў калонію: раілася куды ёй паступаць»

«Ужо прайшло шмат гадоў, як я вызвалілася, але я так і не здолела пачуць сябе ў соцыуме на сваім месцы. Жыву ў маленькім мястэчку, дзе кожны трэці жыхар ведае мяне як забойцу. З дачкой у мяне адносіны даверлівыя і блізкія — пра бацьку яна не ўзгадвае і не хоча.

Муж працаваў вайсковым афіцэрам, а я тавараведам. Узгадваю ды здзіўляюся: ці гэта сапраўды адбывалася са мною? Мы не мелі патрэбы ў грашах, мужу добра плацілі. Ён рэўнаваў, нікуды не адпускаў мяне. Аднойчы да мяне ў госці прыйшла сяброўка юнацтва разам з сынам узроста маёй дачкі Кацюшы. Мы з ёй выпілі віна і разгаварыліся. Яна сышла а восьмай вечара — перад вяртаннем мужа. Я не паспела прыбраць са стала. Мужа кінула ў лютасць, калі пабачыў накрыты стол ды пустыя келіхі. Ён схапіў мяне за валасы і пачаў біць аб дзвярны вушак, называючы мяне брыдкімі словамі. Ён крычаў, што я прывяла мужчыну і здрадзіла яму на вачах у дачкі. У мяне палілася кроў з носу, вусны былі разбітыя, я крычала і апраўдвалася. Дачка крычала: «Тата, у мамы кроў! Ты маму заб'еш!» Ён схапіў Кацю, пачаў трасці яе худое цельца ды крычаў, што яна вырасце шлюхай як маці. Пасля гэтага ён не размаўляў са мной два тыдні. Тады я лічыла сябе вінаватай, бо ён жа афіцэр, а я яму сорам, а не жонка. Ён заўсёды параўноўваў жонак сваіх калег са мною.

Калі Каця атрымлівала ў школе дрэнную адзнаку, ён браў папругу з бляхай і біў мяне. Бляха трапляла мне па галаве, па спіне, па руках і твару — было невыносна балюча. А муж казаў дачцэ: «Вось, глядзі, калі маці цябе не выхоўвае як належыць, то няхай атрымлівае'.

Крыху пазней дачка прызналася, што ў школе звярталася за дапамогай да псіхолага, але тая казала, што Каця перабольшвае, бо яна ж бачыла тату Каці, які не падобны на тырана. Яшчэ і папракнула, што праблемы бацькоў не варта выносіць навонак.

Аднойчы пасля лецішча я рабіла сочыва з чорных парэчак. Каці на той момант было 15 гадоў — стадыя пераходнага ўзросту. Яна цяжка перажывала гэты пэрыяд, мы канфліктавалі. Пасля яна прызналася, што тым вечарам прасіла маю свякроўку паразмаўляць з бацькам, які не дае нам жыцця. Бабуля ёй не паверыла. На гадзінніку была адзінаццатая вечара, муж выпіў літры тры піва. Ён зноў пачаў казаць мне, чаму я навучыла дачку, што яна ў такі позні час не ідзе дамоў. Скрозь зубы я адказала: «На сябе паглядзі».

Джабр Аль-Азмех. «Раны»

Ён гэта пачуў і нахіліў мяне да кіпенб з сочывам гэтак, што я апякла грудзь, ды пратрымаў так з хвіліну. Мне было нявыносна балюча, ён адпусціў мяне, прамовіў: «Папалю і буду далей цябе выхоўваць». Жах засланіў мне вочы. Я ўявіла, як ён апускае туды мой твар. Я кінулася на яго ззаду з кухеннай сякеркай для рубкі мяса. Ударыла два разы па галаве. Дачка прыйшла, калі мяне ўжо забірала хуткая. Цішотка прыліпла да цела, з’явіліся пухіры, мне была патрэбна медычная дапамога.

У калоніі было шмат цяжкага, мяне празвалі «Мама Рая». Я ж заўсёды сядзела дома, як у залатой клетцы, муж нікуды не дазваляў пайсці. Навучылася стрыгчы, рабіць макіяж, маляваць, вышываць, шыць — дзяўчатам з калоніі заўсёды стрыжкі рабіла. У турме адбываўся конкурс прыгажосці, я накрасіла дзяўчат. Дык яны мяне зацалавалі. Я ў калоніі абдумала ўсё свае жыццё. Адзіны чалавек, перад якім я адчуваю віну — дачка. Але яна разумее, што я баранілася. Яна разумная дзяўчынка, пісала мне ў калонію, раілася куды ёй паступать, дасылала малюнкі. Свякроў са свёкрам ніводнага разу не напісалі мне ў калонію, але я да канца жыцця ім буду ўдзячная, што яны даглядалі Кацю. Пасля вызвалення я даглядаю за імі — яны абодва ўжо слабыя. Свякроў нядаўна папрасіла прабачэння. Я не забівала іх сына. Я бараніла сябе. На яго магілу я не прыходзіла і не хачу».

Зоя Алымава, 46 гадоў. Адсядзела за «забойства» мужа восем гадоў. «Першыя тры гады сніла мужа. У сне ён прызнаваўся ў каханні альбо маўчаў»

«Я працавала на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, ён — слесарам на заводзе. Калі выпівалі, здараліся сваркі. Спрачаемся з ім, ён крычыць на мяне, мог ударыць у вока, пару разоў шклянку разбіў аб галаву. А потым паваліць ды душыць, пакуль не страчу прытомнасць. Аднойчы мы святкавалі дзень народзінаў: танцавалі, шмат выпівалі. Госці сыйшлі а поўначы. Андрэй паехаў да бабулі, раззлаваўся на нас з бацькам. Я мыла посуд, а муж паліў на кухні. Пасварыліся з-за палення. Муж схапіў крэсла і ззаду ўдарыў мяне. Я павалілася і пачала паўзці з кухні. Ён кінулся ззаду і пачаў душыць. Я цудам вырвалася, схапіла малаток і ўдарыла шэсць разоў вострым бокам. Калі зразумела, што адбылося, выбегла на лесвічную пляцоўку ды крычала. Суседзі выклікалі міліцыю. Віну я прызнала і падпісала паперы, якія падсунулі. Першыя тры гады сніла мужа — у сне ён прызнаваўся ў каханні альбо маўчаў.

Фота: Караліна Дутка

Мне ніхто не казаў: «Ён цябе забівае. Бяжы». Калі суседзі бачылі мяне з разбітым тварам, уздыхалі: «Піць меньш трэба». Я сама вырасла ў сям'і, дзе бацька ўвесь час біў маці ды бегаў з сякерай па вуліцы. А потым бацьку збіў грузавік, калі ён заснуў на абочыне. Але маці ніколі мне не казала, каб я ўцякала. Гады праляцелі ў бойках ды выпіўках, у калоніі.

Майму сыну 27 гадоў, калі мяне пасадзілі, ён вучыўся ў дзявятым класе — я не пабачыла школьнага вальсу ды не наведала выпускнога.

Першы год сын не пісаў мне. Нават на спанканні не прыязджаў, а я месца сабе не знайходзіла. Вырашыла скончыць з сабой — сукамерніца своечасова ўбачыла. Яна мяне тады суцешыла і сказала, што з сынам усё наладзіцца. За час адсідкі шэсць жанчын рэзалі вены, вешаліся, чацвярых не выратавалі. Усе сумавалі па дзецях. Жахліва было глядзець на маладых маці, якіх пасадзілі за наркотыкі, — маладыя дзяўчынкі, самі яшчэ дзеці. У некаторых на волі дзеткі нават яшчэ ў садок не хадзілі. Кожную ноч мы чулі ўсхліпы. Восем гадоў я кожны дзень пісала сыну ды маці, прасіла прабачэння.

Пасля турмы я кінула ўжываць алкаголь, гэта і дапамагло наладзіць адносіны з сынам. Цяпер я выхоўваю трохгадовую ўнучку — нявестка паверыла мне, яна з дзяцінства так сама сутыкалася з гвалтам. Бацька піў ды біў нявестку, маці і малодшую сястру. Але маці своечасова збегла. Я хачу пабачыць як унучка скончыць школу, станчыць школьны вальс. Буду штодзённа ёй паўтараць, каб яна не звязвала свае жыццё з гвалтаўніком і не давала сябе пакрыўдзіць ніводнаму чалавеку».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Кому больше: убийце или кандидату в президенты? Тест, в котором нужно угадать реальный приговор беларуского суда

Боль • редакция KYKY

14 декабря в Беларуси огласили приговор по «делу Тихановского». Чтобы нагляднее продемонстрировать сюрреалистичность происходящего в Беларуси, мы приготовили для вас тест: попробуйте угадать, какие сроки в нашей стране получают убийцы и насильники, и сколько дают по политическим делам.